Інфармацыйны бюлетэнь 04 (2024)

Навіны

  • Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы абвясціла вынікі конкурсу праектаў па праграме «Ахова археалагічных помнікаў». У рамках гэтай праграмы фінансуюцца працы, звязаныя, сярод іншага, з выяўленнем і дакументаваннем рэсурсаў археалагічнай спадчыны, а таксама распрацоўкай і публікацыяй вынікаў археалагічных даследаванняў. Сярод сёлетніх пераможцаў таксама супрацоўнік нашай Лабараторыі археалогіі Усходняй Еўропы доктар Мікалай Плавінскі. Галоўным рэзудьтатам ягонага праэкту «Сярэднявечныя курганныя могільнікі паўночна-заходняй Беларусі. Апрацоўка знаходак з калекцыі Дзяржаўнага археалагічнага музея ў Варшаве» будзе падрыхтоўка манаграфіі «Аб курганах у Літве і Заходняй Русі. Археалагічныя артэфакты з сярэднявечных курганных могільнікаў Паўночна-Заходняй Беларусі ў польскіх музейных калекцыях».
  • 24–26 красавіка ў Археалагічным музеі-запаведніку «Кшэмёнкі» адбыўся XVII семінар SKAM „Новыя перспектывы ў літалагічных даследаваннях крамянёвых матэрыялаў”. Падчас сустрэчы ўдзельнікі засяродзіліся як на тэарэтычных, так і на практычных аспектах вывучэння крэменю (храналагічныя рамкі: ад ранняга палеаліту да бронзавага веку), прадставілі актуальныя вынікі сучасных палявых даследаванняў, вывучэння архіўных збораў і праектаў, а таксама разгледзелі, як за апошнія гады змяніўся падыход да вывучэння крамянёвых прылад працы на ўзроўні метадалогіі, метадалогіі і аналізу.

Выставы

  • «Магія арнаментаў. Археалагічныя скарбы Любліншчыны» — так называецца перасоўная археалагічная выстава Нацыянальнага музея ў Любліне, якая ўжо некалькі месяцаў вандруе па ўсходняй Польшчы. У красавіку выстава завітала да Ліпска-Полеся, Волайовіц і Карчміскі. Падчас выставы, акрамя яскаравых постэраў, наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з асобнымі археалагічнымі знаходкамі з тэрыторыі Любліншчыны, паслухаць лекцыі пра незвычайныя археалагічныя адкрыцці ў рэгіёне, прыняць удзел у археалагічных майстар-класах (для дарослых і дзяцей ) і г.д. Выставы адбываюцца ў рамках польска-нарвескага праэкта «Даступная спадчына. Прафесіяналізацыя работнікаў культуры і пашырэнне культурнай спадчыны – міждысцыплінарнае партнёрства паміж Нацыянальным музеем у Любліне і Музеем гісторыі культуры ў Осла».
  • 14 красавіка адкрылася часовая выстава «Узброеныя да зубоў. Калекцыя вайсковай зброі са збораў Гісторыка-археалагічнага музея ў Астраўцы Сьвентакшыскім». На выставе прадстаўлены найцікавейшыя ўзоры вайсковай зброі з калекцыі музея ў Астраўцы Сьвентакшыскім, ад часоў неаліту да першай паловы 20 стагоддзя і ад Заходняй Еўропы да Індыі. Значная частка зброі, прадстаўленай на выставе, была выраблена ў самім Астраўцы Сьвентакшыскім ці ў яго бліжэйшых ваколіцах. Выставу можна наведаць да 30 чэрвеня 2024 г.
  • 24 красавіка ў Гістарычным музеі ў Бельска-Бялэй адкрылася выстава «Археалогія Бельска-Бялэй. Адкрыццё горада». Выстава прадстаўляе вынікі археалагічных і архітэктурных даследаванняў, якія праводзіліся ў Бельска-Бялэй на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. На ёй сабраны ўнікальныя дакументы і фотаматэрыялы, звычайна недаступныя звычайнаму гледачу, якія паходзяць з тэрыторый горада, у прыватнасці, з аб’ектаў, выяўленых на рыначнай плошчы ў Бельску, пабудовах каля рыначнай плошчы і замка, а таксама вялікая колькасць археалагічных артэфактаў, датаваных ад дагістарычных часоў да сучаснасці. Выстава будзе суправаджацца выданнем кнігі, прысвечанай археалогіі Бельска-Бялэй. Выстава будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка 2024 года.

Запрашэнне да ўдзелу ў канферэнцыях

  • 9-10 мая Цэнтр археалогіі сярэднявечча і новага часу Універсітэта Мікалая Каперніка запрашае паслухаць даклады на XIX сесіі «Археалагічныя запаведнікі і паркі ў Польшчы як шматфункцыянальныя месцы для стварэння сацыяльнай прасторы», якая адбудзецца у Біскупіне. З праграмай канферэнцыі вы можаце азнаёміцца па спасылцы.
  • Нагадаем, што 13-16 мая адбудзецца другая серыя анлайн-семінараў з удзелам вядучых навукоўцаў Еўропы і ЗША, прысвечаных краінам так званай Візантыйскай садружнасці у Сярэднявеччы, пад назвай «Азбука еўрапейскай спадчыны. Археалогія Візантыйскай Садружнасці» («ABC of European Heritage. Archaeology of the Byzantine Commonwealth»). Дэталі па спасылцы (спасылка). З праграмай мерапрыемства можна пазнаёміцца тут.
  • Калегі з Жэшуўскага ўніверсітэта і Інстытута гісторыі і культуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы імя Лейбніца ў Лейпцыгу (GWZO) ладзяць серыю онлайн-семінараў. Гэтая ініцыятыва з’яўляецца часткай праекта «Ex oriente lux – мадэрнізацыя і інтэрнацыяналізацыя даследаванняў спадчыны ўсходняй Польшчы», які фінансуецца Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі і бюджэтам GWZO. Першы семінар прайшоў 26-29 лютага, наступныя запланаваны на 13-16 мая і 10-13 чэрвеня 2024 года. На старонцы нашай Лабараторыі ў Фэйсбуку мы будзем інфармаваць пра падрабязнасці ўдзелу ў семінары ў якасці слухачоў.
  • 17 мая 2024 г. у Інстытуце археалогіі Універсітэта имя Мікалая Каперніка адбудзецца навуковая сустрэча, прысвечаная знаходкам металічных прадметаў першабытнай эпохі і ранняга сярэднявечча. З праграмай сустрэчы, адрасам правядзення мерапрыемства і іншымі падрабязнасцямі можна азнаёміцца па спасылцы (спасылка).
  • 4-6 чэрвеня 2024 года ў гістарычным музеі ў Саноку пройдзе міжнародная зброязнаўчая канферэнцыя «Мастацтва абароны. Выкарыстанне, майстэрства, упрыгожванне і сімволіка абарончага рыштунку ад малодшага рымскага перыяду да ранняга постсярэднявечча” («The Art of Defence. The Use, Craftsmanship, Decoration and Symbolism of Defensive Equipment from the Younger Roman Age to the early Post-Medieval Period»). Мерапрыемства арганізавана ў рамках «15-га зброезнаўчага калоквіума імя прафесара Анджэя Надольскага». З праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца па спасылцы (спасылка). У канферэнцыі магчымы ўдзел у якасці слухача, пра што неабходна паведаміць арганізатарам па адрасе militaria.sanok@gmail.com.pl.
  • Адкрыты прыём заявак на ўдзел у штогадовым сходзе Еўрапейскай сеткі манетных знаходак (European Coin Find Network) 2024 году, якая адбудзецца 6-7 лістапада ў Музеі Тэйлерса ў Харлеме ў Нідэрландах. Сустрэча ў 2024 годзе будзе прысвечана дзвюм тэмам: працы з грамадскасцю і лічбавым аспектам ўліку і аналізу манетных знаходак. Прапановы дакладаў і постэраў (ПІБ, назва, установа, тэзісы 150-200 слоў) арганізатары просяць дасылаць на адрас ecfn2024@fundmuenzen.org да 31 мая 2024 г. Дадатковая інфармацыя па спасылцы.

Публікацыі

  • У выдавецтве Інстытута археалогіі і этналогіі Польскай акадэміі навук выйшла цікавая манаграфія доктара Лукаша Мяховіча „Święte i przeklęte. Kamienie w religijności ludowej. Katalog” (“Святыя і праклятыя. Камяні ў народнай рэлігійнасці. Каталог”) (Warszawa, 2023, 437 s.). Гэтая праца ўяўляе сабой каталог сімвалічных камянёў, ахутаных легендамі і павер’ямі, звязанымі з народнай рэлігійнасцю з тэрыторыі Польшчы. Такія камяні, скалы і валуны мясцовыя жыхары ўшаноўваюць, прыносяць да іх ахвяры і ставяцца да іх як да святых месцаў, а большасць з іх мае характэрныя рысы або знакі, якія нібыта пацвярджаюць іх звышнатуральную сілу. Публікацыя знаходзіцца ў адкрытым доступе па спасылцы (спасылка).
  • Выйшаў з друку чарговы, 67-ы нумар польскага нумізматычнага альманаха «Wiadomości Numizmatyczne» (выдаецца бесперапынна з 1957 г.). З матэрыяламі нумару можна азнаёміцца на сайце Польскай акадэміі навук (спасылка).
  • На пачатку красавіка выйшаў з друку чарговы, шосты том Каталогу знаходак рымскіх імпартаў на тэрыіорыі Польшчы. Гэтым разам у выданні сабраны знаходкі прадметаў рымскага імпарту з Крайны, этнаграфічнага рэгіёна на паўночным захадзе Польшчы (Kokowski A., Kraszczuk R., Kuna J., Łoś J., Myzgin K., Pietruczuk J., Rola J., Szałkowska-Łoś J., Zawadzki M. Corpus der römischen Funde im europäischen Barbaricum. Polen 6. Krajna (mit Randgebiet – von der Brda bis zur Weichsel). Kraków: PAU 2023, 110 S.).